РУМЯ́НЦАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літ. летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу. Асн. змест Р.л. — гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1567. Найб. разгорнута і дэталёва апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Збярогся ў гіст. зборніку 2-й пал. 17 ст. рускага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў б-цы графа М.​П.​Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Рас. дзярж. бібліятэцы. Апрача бел.-літ. хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гіст. твораў, прысвечаных важным падзеям сусв. і рас. гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву. Р.л. упершыню апубл. ў 1902 Б.​А.​Вахевічам, перавыдадзены М.​М.​Улашчыкам у т. 35 «Поўнага збору рускіх летапісаў».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)